АДКРЫЦЦЁ ТЫДНЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ НА ФММП
Урачыстае адкрыццё Тыдня беларускай мовы і літаратуры адбылося на факультэце маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ. У госці да студэнтаў завіталі вядомы беларускі паэт, лаўрэат шматлікіх прэмій Змітрок Марозаў, паэт, празаік, кампазітар і выканаўца Дзмітрый Пятровіч, паэты і перакладчыкі, лаўрэаты літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” Андрэй Цяўлоўскі і Мікола Шабовіч, паэтэса, мовазнаўца і літаратуразнаўца Таццяна Старасценка. Госці падзяліліся са студэнтамі сваімі творчымі дасягненнямі і планамі, прачыталі вершы пра любоў да Бацькаўшчыны, роднага кутка, пявучай беларускай мовы і, зразумела, каханне. Дзмітрый Пятровіч праспяваў таксама нямала шчымлівых песень як на ўласныя словы, так і на вершы Міколы Шабовіча, Міхася Башлакова, Таццяны Лейкі, Вольгі Норынай, Славаміра Антановіча і іншых беларускіх паэтаў. Свае творчыя здольнасці змагла прадэманстраваць і студэнтка першага курса ФММП Юлія Лапіна, якая цудоўна выканала песню на беларускай мове. На працягу тыдня студэнтаў чакае яшчэ нямала цікавых мерапрыемстваў і літаратурных сустрэч.