Quantcast
Channel: Новости с сайта БНТУ
Viewing all articles
Browse latest Browse all 7455

Конкурс творчых работ студэнтаў на беларускай мове

$
0
0

Конкурс творчых работ студэнтаў на беларускай мове (першы семестр 2015-2016 н.г.)

Прайшоў чарговы этап традыцыйнага конкурсу творчых работ студэнтаў БНТУ на беларускай мове, які амаль два дзесяцігоддзі праводіцца кафедрай беларускай і рускай моў. Журы разгледзела 118 лепшых работ і пасля бурнай дыскусіі (творчасць усё ж такі рэч суб’ектыўная) выявіла пераможцаў. Адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання ўдзельнікаў конкурсу, на якой студэнты-пераможцы мелі магчымасць прачытаць свае творы, адказаць на пытанні.

Выкладчыкаў кафедры, зразумела, асабліва парадавала неабыякавасць студэнтаў да тэмы “Яе Вялікасць Кніга”, бо мы ўжо прызвычаіліся бачыць нашых вучняў з разнастайнымі сучаснымі гаджэтамі (прызначанымі зачастую проста для баўлення часу), а не з мастацкай кнігай. А аказваецца, па сцверджанні Стахіевіча Вадзіма (ПБФ 02215), “Без кнiгi ты як паэт без вершаў,/ Без кнiгi ты быццам птушка ў клетцы,/ Без кнiгi ты быццам верш без сэнсу,/ Без кнiгi ты як камар на сценцы”. Ваша Вялікасць – так, як і трэба пры звароце да каралеўскай асобы, звяртаюцца жыхары казачнай краіны да Ліберы, любімай каралеўны. А прыдумала казку і суправадзіла яе вытанчанымі ілюстрацыямі студэнтка Дзеручэнка Марына (АТФ 01614). Яна ж патлумачыла і імя гераіні: Лібера – на латыні Кніга. І яшчэ адну ілюстраваную хвалюючую казку пра старажытныя плямёны, чараўнікоў, магію, вайну, змаганне і Свяшчэнную кнігу мы атрымалі таксама ад студэнткі АТФ (01614) Антонавай Аляксандры. Сапраўды, “шчаслівы той чалавек, чыім сябрам з’яўляецца Яе Вялікасць Кніга” (Шырынская Вікторыя, студэнтка групы 0811 БФ).

Работа Ігара Буйко(ЭФ 01212) “А слова – сапраўды жывая рэч!” – багаты, рознабаковы, аргументаваны доказ вынесенага ў фармулёўку тэмы сцверджання. А Рыгор Гагуа (ФІТР 512) сэнс фармулёўкі ўбачыў у неабходнасці выказаць трывогу за лёс беларускай мовы : “Кветкі без вады гінуць, /І нацыя гіне без мовы./ Каменняў сотню ў мяне кінуць –/Усё адно я буду нязгодны”.

Хобі нашых студэнтаў самыя разнастайныя: і розныя віды спорту, і музыка, і танцы, і хатнія жывёлы, і рамёствы… Цудоўна, калі любімы занятак становіцца будучай прафесіяй, што бліскуча прадэманстраваў на цырымоніі Талапіла Віталь (АТФ 12114), доля якога – “сядзеў пад машынай, сяджу і буду сядзець./ Вось стаіш над маторам гадзінамі /Чорны, як смоль, брудны і стомлены./ Парэзаны пальцы і локці пабіты ключамі, /Але жаданне, сіла і дух не зломлены!” Арыгінальны верш пра шахматную бітву напісала Лукашэвіч Вольга (ФІТР 02113), зрабіўшы і вельмі слушную прапанову: “Як і на дошку, так і на жыццё/ Глядзі з розных бакоў. / І памятай, што вынік і зыход/ Залежаць не ад аднаго, а ад усіх хадоў”.

Бясспрэчна, значная частка конкурсных работ прысвечана тэме кахання. Гэта і сур’ёзныя разважанні, і шчырыя ўспаміны пра асабістае, і выдуманыя гісторыі… “Колькі важыць каханне? Чым яно пахне? Якога яно колеру?” – такімі пытаннямі задаецца і сама спрабуе на іх адказаць Лапушок Святлана (АТФ 04115 ). Запомняцца і мілыя дэталі з верша пра каханне ў дзіцячым садзе Уладзіслава Дуца (ЭФ 811): “Гуляў, дзяліўся вітамінкай, /Казаў на вуха, што кахаю”. Падзяляем і заклапочанасць Пунько Рамана (ЭФ 811) “Чаму вымяраюць каханне грашыма?/ Няшчасныя будуць у жыцці тыя людзі,/ Каханне ў якіх грашовы ёсць дар”.

Вельмі разнастайныя работы па тэме “З гісторыі майго роду”. Гэта і грунтоўныя радаводы, і апавяданні аб гераізме і пакутах родных у гады Вялікай Айчыннай вайны, і гісторыя кахання, штуршком для знаёмства з якой стала выразаная на клёне літара П (Курневіч Вікторыя, ФТКГ 03115). Да слёз крануў дасканалы верш Макарэвіч Таццяны (АТФ 03114) “Маміна мама”: “О, каб нам з табой зараз сустрэцца,/ Пашаптацца пра ўсё на свеце…/ Да цябе маё сэрца рвецца, / А ў адказ – толькі стогне вецер”. Камічнай гісторыяй “Як мой прадзед Пушкіну дапамог” падзялілася Папкова Надзея (ЭФ 02212).

Вялікую цікавасць выклікала ў студэнтаў тэма “Незабыўнае”. Сапраўды, неабмежаваны прастор для фантазіі і творчага пошуку. “Дзяцінства, незабыўнае, чакай”, – сустракае юнацтва Дубіна Сяргей (АТФ 03115). “Пачую музыку дзяцінства / У садзе, лузе, на палях./ І стане промнямі свяціцца / Яна ў матчыных вачах”. (Касінскі Антон, ЭФ 02212). Дзіцячым гульням сваёй маці і яе сёстраў прысвечана работа Кавалёвай Таццяны (ЭФ 422). Студэнтка Дубінка Вольга (АФ 03115) прысвяціла тэме два трагічныя вершы, патлумачыўшы, што яе “вельмi ўразiлi сучасныя войны. Гэта тое, што прымушае нас адчуваць страх i спачуванне. Гэта тое, што адкладваецца ў памяцi. Гэта незабыўнае”. Дарэчы, ведьмі выразнае чытанне аўтаркай сваіх вершаў на цырымоніі закончылася авацыяй залы і воклічамі “Брава!” Уласевіч Лізавета (АТФ 04215) расказвае пра страшную гісторыю мінулай вайны – забойства ў канцлагеры маленькай аслабелай дзяўчынкі на вачах у старэйшай сястры. У цэнтры ўвагі тое, што забойца ўсё жыццё памятае яе позірк, позірк невымернага болю і нянавісці. Ён бачыць яго кожную ноч у снах, у вачах сваёй жонкі, сваіх дзяцей. Ён ніколі не зможа забыць тыя вочы…

Сапраўды незабыўнымі сталі “Кароткія апавяданні пра гаспадарку маёй бабулі” Забелінай Настассі (АФ 01614). Здаецца, нічога дзіўнага, незвычайнага: то дзед злавіў двух карпікаў, якіх пашкадавалі смажыць і пасялілі ў студні, назваўшы Карпэткай і Шкарпэткай; то бабуліны госці пераблыталі пацука з нутрыяй Ларыскай; то Берта, маленькі кудлаты сабачка, напалохаў паштальёна; то ў падарунак бабулі прывезлі куранят, якія ўсе аказаліся пеўнямі, яшчэ і задзірлівымі; то сумная гісторыя развітання з каровай Зоркай… Звычайныя гісторыі, расказаныя на дзіва па-майстэрску, з гумарам, багатай натуральнай мовай… Менавіта з такіх і складаюцца нашы ўспаміны, складаецца гісторыя сям’і, роду, усяго народа.

Дзякуем студэнтам за шчырыя, сардэчныя, сур’ёзныя і несур’ёзныя работы. Жадаем захаваць жаданне творчасці надоўга!

На цырымоніі 17.12. 2015г. усе студэнты атрымалі граматы, пераможцы - і каштоўныя прызы (кнігі).

Спіс пераможцаў.


Viewing all articles
Browse latest Browse all 7455

Trending Articles